Генадзь Анатольевіч Анісавіч (25.08.1932, Мінск – 06.12.2003), вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984; чл.-кар. з 1972), доктар тэхнічных навук (1970), прафесар (1981). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БCCP (1978).
Навуковыя даследаванні па цеплафізічных працэсах у ліцейнай вытворчасці. Ім распрацаваны пытанні тэорыі зацвярдзення адлівак пры спецыяльных спосабах ліцця, устаноўлены заканамернасці ў галіне цеплафізікі працэсаў зацвярдзення металаў і сплаваў у пяшчаных і металічных ліцейных формах і вызначаны асноўныя ўзаемасувязі паміж тэхналагічнымі параметрамі ў дачыненні да працэсаў ліцця. Вывучаны Асаблівасці механізму фарміравання структуры і ўласцівасцяў літых вырабаў ва ўмовах накіраванага зацвярдзення і рэгуляванага цеплаадводу ў розных формах. Распрацаваны прагрэсіўныя тэхналагічныя працэсы атрымання адлівак і нарыхтовак з чорных і каляровых металаў пры ліцці ў кокіль з рэгуляванымі цеплавымі параметрамі, ліццё намарожваннем, ліццё ў валковы крышталізатар, пры гарызантальным бесперапынным ліцці.
Апублікаваў больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій. Мае 155 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы.
Дзяржаўная прэмія БССР 1990 г. за даследаванне, распрацоўку і ўкараненне эфектыўных рэсурса- і металазберагальных экалагічна бясшкодных тэхналагічных працэсаў атрымання высакаякасных адлівак ва ўмовах цэнтралізаванай вытворчасці.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), "Знак Пашаны", медалямі.