АНТОНАЎ Ігнацій Пятровіч (н. 28.12.1922, в. Будніца, Віцебскага р-на), неўрапатолаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984), член-карэспандэнт Акадэміі медыцынскіх навук СССР (1974), Расійскай акадэміі медыцынскіх навук( 1991), доктар медыцынскіх навук (1966), прафесар (1967). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1972). Народны ўрач Беларусі (1992). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Працы па вывучэнні інфекцыйных, сасудзістых і паразітарных захворванняў нервовай сістэмы. Правёў даследаванні па высвятленні патагенетычных механізмаў вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту і захворванняў перыферычнай нервовай сістэмы, распрацаваў метады іх дыягностыкі і лячэння. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны і эксперыментальна апрабаваны шэраг перспектыўных антыгіпаксічных сродкаў. Прызнанне атрымалі працы, прысвечаныя вывучэнню клінікі, дыягностыкі і лячэння ўнутрачарапных анеўрызм.
Апублікаваў каля 630 навуковых прац, у тым ліку 9 манаграфій. Аўтар 18 вынаходак.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1994 г. за цыкл работ "Патагенез, клініка і дыягностыка неўралагічных праяў астэахандрозу пазваночніка".
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I (1945, 1985) і II ступені (1944), Чырвонай Зоркі (1943), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Дружбы народаў (1981), Айчыны III (1997) і II ступені (2004), медалём "За адвагу" (1943), іншымі медалямі. Ганаровы грамадзянін г. Мінска (1988) і г. Віцебска (1997).