Заір Ісакавіч Азгур (15.01.1908, в. Молчаны, Сенненскага р-на, Віцебскай вобл. – 18.02.1995), скульптар. Акадэмік (1995), сапраўдны член Акадэміі мастацтваў СССР (1958-1991). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1939). Народны мастак БССР (1944). Народны мастак СССР (1973). Герой Сацыялістычнай Працы (1978).
Працаваў у галіне станковай і манументальнай скульптуры. Найбольш вядомыя яго працы партрэтнага жанру, якія адрозніваюцца строгай рэалістычнай формай, вялікай жыццёвай сілай, пластычнай выразнасцю і завершанасцю. У даваенныя гады створаны партрэты артыстаў В. Галубка (1930), Л. Александроўскай (1939), пісьменніка З. Бядулі (1940). Творы перыяду Вялікай Айчыннай вайны адрозніваюцца суровай стрыманасцю і ўнутранай сабранасцю: партрэты герояў Савецкага Саюза В. Талаліхіна (1942), А. Радзімцава, А. Малодчага, М. Сальнацкага (усе 1943). У пасляваенны час працягнуў цыкл партрэтаў герояў Савецкага Саюза (К. Заслонава, 1947), пачаў новую серыю партрэтаў дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны і А. Пашкевіч, абодва 1947). Актыўна звяртаўся да вобразаў сучаснікаў (партрэты пісьменнікаў Я. Коласа, К. Крапівы, скульптара С. Селіханава, артыста В. Дзядзюшка, усе 1949). Аўтар помнікаў У.І. Леніну ў гарадах Арджанікідзэ (1957), Астрахань (1958), Маладзечна (1959), бюстаў: двойчы Героя Савецкага Саюза С. Грыцаўца (1951), Я. Купалы, Ф. Дзяржынскага (1953) у г. Мінску, В. Талаша ў г. Петрыкаве (1951), серыі партрэтаў беларускіх вучоных (М. Яругіна, 1963; Б. Сцяпанава, 1964), артыстаў (В. Крыловіча, 1967; І. Балоціна, 1966). Вобраз Я. Коласа ўвасоблены ў помніку паэту на плошчы Я. Коласа ў г. Мінску (1972). Яго скульптурныя работы, творы жывапісу і графікі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльным музеі-майстэрні З.І. Азгура ў г. Мінску, Траццякоўскай галерэі ў г. Маскве, Астраханскай абласной карціннай галерэі (Расія), малдаўскім мастацкім музеі ў г. Кішынёве і інш.
Аўтар больш за 500 артыкулаў па праблемах выяўленчага мастацтва і 5 кніг успамінаў.
Дзяржаўныя прэміі СССР за скульптурныя партрэты двойчы Герояў Савецкага Саюза А.І. Радзімцава, А.І.Малодчага і Героя Савецкага Саюза М.Ф. Сільніцкага (1946), за скульптурны партрэт Ф.Э. Дзяржынскага (1948). Сярэбраны медаль на Сусветнай выставе ў г. Брусэлі (1958) за партрэт Р. Тагора (1956).
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1940, 1949), Чырвонай Зоркі (1943), Леніна (1955, 1978), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Дружбы народаў (1987), медалём Францыска Скарыны (1992), іншымі медалямі.