Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

БАМБАЛАЎ Мікалай Мікалаевіч

БАМБАЛАЎ Мікалай Мікалаевіч

Мікалай Мікалаевіч Бамбалаў (03.06.1938 – 02.06.2020), біягеахімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994; член-карэспандэнт з 1989, доктар сельскагаспадарчых навук з 1985, прафесар з 2013).

Нарадзіўся ў г. Шаталава Смаленскай вобласці, Расія.

Навуковыя даследаванні ў галіне тэорыі мінералізацыі і гуміфікацыі арганічных злучэнняў у глебах рознага генезісу і распрацоўка практычных мерапрыемстваў па рэгуляванні балансу арганічнага рэчыва ў іх.

Выявіў агульныя заканамернасці мінералізацыі і трансфармацыі арганічнага рэчыва глеб, узаемасувязь паміж экалагічнымі ўмовамі глебаўтварэння, хімічным складам, малекулярнай структурай арганічных злучэнняў і тэмпамі іх мінералізацыі.

Зрабіў унёсак у распрацоўку біягеахімічнай тэорыі раскладання арганічнага рэчыва ў балотным асяроддзі. Заклаў тэарэтычныя асновы атрымання ўстойлівых раствораў гумінавых рэчываў торфу са злучэннямі медзі, бору, цынку, марганцу, жалеза і распрацаваў тэхналогію вытворчасці вадкіх біялагічна актыўных гумінавых мікраўгнаенняў, выпуск якіх ажыццяўляецца на торфапрадпрыемстве «Зялёнаборскае» Смалявіцкага р-на.

Абгрунтаваў ідэю і метады аднаўлення балот на выпрацаваных тарфяных радовішчах (у цяперашні час у Беларусі адноўлена больш за 80 тыс. га балот).

Навукова абгрунтаваў метады біясферна-сумяшчальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў балот, тарфяных глеб і тарфяных радовішчаў з улікам агульнапланетарных функцый у біясферы. Устанавіў асаблівасці біягеахімічных цыклаў вугляроду і азоту ў глебах і балотах і даказаў, што балоты выконваюць функцыю пераходнага звяна паміж біягенным і геалагічным кругазваротамі гэтых элементаў.

Распрацаваў навуковыя асновы новай галіны навукі і гаспадаркі – балотаводства. Стварыў эфектыўныя торфа-сапрапелевыя меліяранты глеб для барацьбы з апустыньваннем зямель.

Прымаў удзел у міжнародных праектах па азеляненні пустынь у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Егіпце (1989–1996).

Аўтар больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, 26 вынаходніцтваў.

Асноўныя працы:

  1. Баланс органического вещества торфяных почв и методы его изучения. Мн.: Наука и техника, 1984.
  2. Биосферно-совместимое использование лесных и болотных экосистем (мировые тенденции и опыт Беларуси). Мн.: Поликрафт, 2003 (в соавт.).
  3. Роль болот в биосфере. Мн.: Белорусская наука, 2005 (совм. с Раковичем В.А.)