Яўген Аляксеевіч Барбашын (17.01.1918, с. Уінск, Пермскай вобл., Расія - 05.07.1969), матэматык. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1966), доктар фізіка-матэматычных навук (1951), прафесар (1952).
Навуковыя даследаванні ў галіне дыферэнцыяльных ураўненняў, аўтаматычнага кіравання, механікі і прыкладной матэматыкі. Выканаў фундаментальныя даследаванні па тэорыі дынамічных сістэм, тэорыі ўстойлівасці, тэорыі нелінейных ваганняў і аўтаматычнага рэгулявання. Развіў метады стабілізацыі сістэм аўтаматычнага рэгулявання. Паказаў, што пытанні якаснага вывучэння дынамічных сістэм у цэлым звязаныя з задачамі ўстойлівасці руху. Выканаў серыю работ па праграмным рэгуляванні, што дазволіла ўсталяваць сувязь задачы аб ажыццяўленні праграмных рухаў з агульнай тэорыяй устойлівасці руху, тэорыяй аптымальных працэсаў і тэорыяй набліжаных функцый.
Аўтар больш за 80 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій.
Дзяржаўная прэмія СССР 1972 г. за цыкл работ па праблеме ўстойлівасці сістэм аўтаматычнага рэгулявання.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967), медалямі.