Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

БЕКІШ Освальд-Ян Лявонавіч

Освальд-Ян Лявонавіч Бекіш (27.08.1938, в. Трабы, Іўеўскага р-на, Гродзенскай вобл. – 27.02.2010), вучоны-імунолаг. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996), доктар біялагічных навук (1973), прафесар (1978). Заслужаны работнік вышэйшай школы БССР (1984).

Асноўныя працы ў галіне малекулярнай біялогіі. Развівае новы навуковы напрамак па вывучэнні імунабіяхімічных аспектаў адаптацыі паразіта і гаспадара пры гельмінтозах. Паказаў, што пры паразітызме гельмінтаў ў арганізме гаспадара адбываецца імунабіялагічная перабудова ў выглядзе Ig-е-гіперадчувальнасці, якая суправаджаецца парушэннямі ў сістэмах біялагічна актыўных рэчываў. Абгрунтаваў схему тэрапіі трыхінелёз карбаматбензімідазоламі у спалучэнні з неспецыфічнымі нестэроіднымі супрацьзапаленчымі прэпаратамі. Паказаў, што тканкавыя гельмінты і іх лічынкі з'яўляюцца першымі ксенатрансплантатамі ў эвалюцыі чалавека. Прапанаваў спосаб прафілактыкі рэакцыі трансплантаты супраць гаспадара пры алатрансплантаццыі коснага мозгу з дапамогай деплецыі тымус-пазітыўных Т-лімфацытаў з коснага мозгу донараў метадам імунамагнітнай сепарацыі. Прапанаваў спосаб атрымання імунамагнітнай мікрасферы, вырабіў магнітныя сепаратары для деплецыі разетак імунамагнатамікрасфер. Усталяваў, што метабаліты гельмінтаў з'яўляюцца магутнымі мутагенамі, здольнымі выклікаць пашкоджанні як у геноме саматычных, так і генератыўных клетак гаспадара. Абгрунтаваў схемы камбінаванай тэрапіі гельмінтозаў чалавека, накіраваных таксама і на абарону яго геному.

Аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

Узнагароджаны медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Медицинская паразитология. Л.: ЛМИ, 1989.
  2. Медицинская биология. Мн.: Ураджай, 2000.
  3. Медицинская биология и общая генетика. Витебск: Изд. ВГМУ, 2003 (совм. с В.Я. Бекишем).