Яўген Дзмітрыевіч Белаенка (09.11.1947, Мурманск – 08.12.2006), вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі, артралогіі і біятрыбалогіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003; чл.-кар. з 2000). Доктар медыцынскіх навук (1992), прафесар (2001). Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь (1998).
Асноўныя навуковыя працы фундаментальнага і прыкладнога значэння прысвечаны абгрунтаванню і распрацоўцы новых метадаў дыягностыкі і хірургічнага лячэння (артраскапічная мікрахірургія, эндапратэзаванне суставаў, остэасінтэз, рэканструктыўныя аперацыі) рэўмаартапедычных захворванняў, пераломаў і спартыўнай траўмы суставаў, даследаванню механізмаў і прыроды нізкага трэння сустаўных храсткоў. Усталяваў раней невядомую ўласцівасць сіновіальнага асяроддзя забяспечваць высокую антыфракцённасць храсткоў у суставах ў сілу вадкакрысталічнага стану сіновіальной вадкасці і прысутнасці ў ёй мезагенных злучэнняў халестэрыну. Распрацаваў новыя лекавыя прэпараты - мадыфікатары ўласцівасцяў сіновіальнай вадкасці, тэхналогіі атрымання вадкакрысталічнай біясубстанцыі для іх вырабу, метады тэрапіі сустаўнай паталогіі з іх прымяненнем, трыбаметрычнае абсталяванне і спосабы даследавання натуральных і штучных змазачных асяроддзяў, антыфрыкцыйныя палімерныя матэрыялы для медыцыны.
Аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, 21 вынаходкі.