Міхаіл Аляксеевіч Безбародаў (14.11.1898, С.-Пецярбург - 03.02.1983), вучоны ў галіне фізічнай хіміі і тэхналогіі сілікатаў. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1950; чл.-кар. з 1947), доктар тэхнічных навук (1938), прафесар (1938).
Работы па сінтэзе неарганічных шклоў, інтэнсіфікацыі працэсаў шклоўтварэння, вывучэнню залежнасці уласцівасцяў шклоабразных сістэм ад іх хімічнага складу і пабудовы. Даследаваў фізіка-хімічныя і тэхналагічныя ўмовы ўзнікнення дэфектаў шкла (камянёў, шліфаў, свілёў), распрацаваў метады іх папярэджання і ліквідацыі. Выканаў шэраг прац па гісторыі навукі і тэхнікі. Даследаваў развіццё хіміі і тэхналогіі шкла са старажытных часоў да сярэдзіны ХХ ст. Заснавальнік новага навуковага напрамку – археалагічнай тэхналогіі шкла. Распрацаваў метад датыроўкі і вызначэння лакальнай прыналежнасці старажытнага і шкла сярэдніх вякоў на падставе іх хімічнага тыпу.
Аўтар больш за 370 навуковых прац, у т.л. 20 манаграфій.
Дзяржаўная прэмія СССР 1951 г. за манаграфіі "М.В. Ламаносаў і яго праца па хіміі і тэхналогіі сілікатаў" (М.; Л., 1948) і "Дзмітрый Іванавіч Вінаградаў – стваральнік рускага фарфору"(М.; Л., 1950).
Узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны" (1945, 1948), медалямі.