БЕЛЫ Уладзімір Аляксеевіч (08.06.1922, г. Краснадар, Расія – 17.08.1994), вучоны ў галіне механікі металапалімерных сістэм. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1972; чл.-кар. з 1969), доктар тэхнічных навук (1971), прафесар (1971). Заслужаны вынаходнік БССР (1967). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1978). У 1975 – 1985 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.
Навуковыя працы па даследаванні ўзаемасувязі малекулярных і надмалекулярных структур палімераў з іх фізіка-механічнымі ўласцівасцямі, трэнню і зносу палімераў. Стварыў новыя мікратрыбаметрычныя метады даследавання палімераў. Распрацаваў асновы разліку і канструявання металапалімерных вырабаў.
Аўтар больш за 750 навуковых прац, у т. л. 11 манаграфій, каля 350 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1972 г. за распрацоўку тэарэтычных асноў стварэння фрыкцыённых матэрыялаў і канструкцый з палімераў і металапалімераў. За даследаванні ў галіне трэння і зносу палімераў узнагароджаны Французскім навукова-інжынерным таварыствам медалямі імя Вокансона (1968) і Жакарра (1970).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1979), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967), медалямі.