Мікалай Васільевіч Бірылы (10.09.1923, в. Скварцы, Дзяржынскага р-на, Мінскай вобл. – 01.10.1992), мовазнаўца. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1977; чл.-кар. з 1972), доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Удзельнік партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўныя навуковыя працы па пытаннях беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры маўлення. Ім створаны цыкл работ, прысвечаных праблемам беларускай і славянскай анамастыкі.
Апублікаваў больш за 110 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій і слоўнікаў.
Дзяржаўная прэмія СССР 1971 г. за ўдзел у комплексе работ па беларускай лінгвагеаграфіі.
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1976), медалямі.