Міхаіл Іванавіч Дзямчук (н. 28.05.1946, в. Дзявяткі, Кобрынскага р-на, Брэсцкай вобл.), вучоны ў галіне прыбора- і машынабудавання. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986), доктар фізіка-матэматычных навук (1983), прафесар (1985). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1996).
Асноўныя працы ў галіне навуковага прыбора- і машынабудавання, сістэмнага аналізу і арганізацыйнага праектавання. Развіў новы навуковы напрамак у галіне эксперыментальнай і тэхнічнай фізікі, у аснове якога – распрацоўка арыгінальных метадаў і стварэнне на іх аснове прэцызійных оптаэлектронных сродкаў час-імпульснага аналізу інтэнсіўнасці светлавога выпраменьвання. Распрацаваў і стварыў на аснове тэхналогій новага пакалення лазеры ультракароткіх імпульсаў субпікасекунднага часовага дыяпазону з праграмуемымі параметрамі выпраменьвання. Кіраўнік шэрагу праектаў і праграм, нацэленых на фарміраванне ў Рэспубліцы высокаэфектыўнай сістэмы трансферу тэхналогій, арганізацыю эканамічных зон высокай інавацыйнай актыўнасці і навукова-вытворчых комплексаў і прадпрыемстваў высокай тэхналагічнай культуры. Аўтар шэрагу прац па праблемах будаўніцтва нацыянальнай сістэмы адукацыі, новых адукацыйных тэхналогій і навучальных устаноў інтэграванага тыпу, якія паслужылі асновай стварэння ў Рэспубліцы першых ліцэяў, гімназій, каледжаў, а таксама рэфармавання прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай школы Рэспублікі.
Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій і 40 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1986 г. за распрацоўку і ўкараненне ў практыку оптыка-фізічных даследаванняў статыстычных метадаў часовага аналізу хуткапераменных патокаў светлавога выпраменьвання.