Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ДЗЯМІДЧЫК Яўген Паўлавіч

Яўген Паўлавіч ДЗЯМІДЧЫК (02.01.1925, г. Барысаў, Мінскай вобласці – 01.04.2010), вучоны ў галіне хірургіі і анкалогіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996), доктар медыцынскіх навук (1988), прафесар (1988). Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь (1997). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Асноўныя працы ў галіне хірургіі і анкалогіі. Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем павышанай радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ім вызначаны клініка-біялагічныя асаблівасці радыяцыйна-індукаванага рака шчытападобнай залозы ў дзяцей, устаноўлены адрозненні генетычных пашкоджанняў у залежнасці ад гісталагічнага тыпу пухліны, распрацавана тэхніка аптымальных першасных і паўторных хірургічных умяшанняў пры рэцыдывах і метастазах гэтай пухліны. Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэёідным на рак і вызначыў эфектыўнасць радыёйодтэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апрамяненне падчас Чарнобыльскай катастрофы.

Аўтар больш 380 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій і даведнікаў па хірургіі, эндакрыналогіі і гастраэнтэралогіі, 11 патэнтаў на вынаходствы.

Міжнародная мемарыяльная прэмія свету імя д-ра Нагаі (2002, Японія) за дапамогу пацярпелым ад радыеактыўнага апраменьвання, удасканаленне метадаў лячэння і навуковыя дасягненні.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені (1985), Францыска Скарыны (2004), медалём "За адвагу" (1945), іншымі медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Справочник по клинической эндокринологии. Мн.: Беларусь, 1996.
  2. Рак щитовидной железы у детей: Последствия аварии на Чернобыльской АЭС. М.: Медицина, 1996 (совм. с Лушниковым Е.Ф., Цыбом А.Ф.).
  3. Thyroid cancer and iodine deficiency in children of Belarus // Radiation and Thyroid Cancer. Eds. G.Thomas, A.Karaoglou, E.D.Williams. World Scientific, 1999 (with coauthors).
  4. Thyroid Cancer in Chernobyl Children // Thyroid Cancer. Biersack H.-J., Grunwald F. (eds). Springer, 2001 (with coauthors).