Уладзімір Леанідавіч Драгун (21.09.1946, г. Мінск – 31.10.2011), фізік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2004), доктар тэхнічных навук (1994), прафесар (1996).
Навуковыя даследаванні ў галіне цеплафізікі, энергетыкі, цеплатэхнікі, матэрыялазнаўства і біямедыцыны. Унёс уклад у развіццё тэрмаграфіі, бескантактавы дыягностыкі цеплавых з'яў і працэсаў у энергетычным, цепламасаабменным, хіміка-тэхналагічным і іншым абсталяванні, кампазіцыйных і паўправадніковых матэрыялах, электронных прыладах і распрацоўку тэхналогіі сушкі матэрыялаў. Распрацаваў і абгрунтаваў прынцыпы і метадалогію вылічальнай тэрмаграфіі, разгляданай як комплекс метадаў, апаратурных, праграмных, метралагічных сродкаў, якія базуюцца на рэгістрацыі і вымярэнні ўласнага выпраменьвання аб'ектаў у інфрачырвоным, субміліметровым і бачным дыяпазонах пры тэмпературах 223-3500 К. Прапанаваў метады дыягностыкі цеплавых рэжымаў аб'ектаў энергетыкі, будынкаў і збудаванняў, электроннай тэхнікі, аптымізацыі размяшчэння цеплавыдзяляльных элементаў, працэсаў самараспаўсюджваюшчагася сінтэзу з арганічных рэагентаў, які абапіраецца на комплекснае выкарыстанне сістэмы вылічальнай ВК-тэрмаграфіі, ВК-спектрафотаметрыі рассейваючых асяроддзяў, кантактнай тэрмометрыі і кампутарнай мікраскапіі, тэрмічнага аналізу. Даследаваў з'явы ў порыстых кампазіцыйных матэрыялах пры ўздзеянні на іх высокаканцэнтраваных патокаў энергіі, цеплафізічныя характарыстыкі гетэрагенных асяроддзяў, якія выкарыстоўваюцца для атрымання высокаэнергетычных рэчываў з прыродных і сінтэтычных матэрыялаў. Прапанаваў метады інтэнсіфікацыі працэсаў сушкі і тэрмаапрацоўкі шырокіх класаў матэрыялаў (фармацэўтычныя прэпараты, апрацаваная і неапрацаванае драўніна і інш.).
Аўтар больш за 340 навуковых прац, у т.л. 9 манаграфій.
Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 1993 г. за манаграфію "Вылічальная тэрмаграфія: прымяненне ў медыцыне". Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя акадэміка А.В. Лыкава 2007 г. за цыкл работ "Цепла- і масаперанос і гідрадынаміка ў тэхнічных аб'ектах і сістэмах: інтэнсіфікацыя, кіраванне, дыягностыка".