Міхаіл Аляксандравіч Ельяшэвіч (21.08.1908, г. Мюнхен, Германія – 04.01.1996) – фізік. Акадэмік (1956), доктар фізіка-матэматычных навук (1945), прафесар (1948). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
Навуковыя працы па тэарэтычнай спектраскапіі, фізіцы нізкатэмпературнай плазмы, тэорыі будовы рэчыва, гісторыі квантавай фізікі. Распрацаваў асновы тэорыі ваганняў і вагальных спектраў шмататамных малекул. Выканаў шэраг даследаванняў па спектраскапіі рэдкіх зямель, спектраскапіі плазмы і высокатэмпературных працэсаў. Распрацоўшчык методыкі вымярэнняў параметраў атамнага выбуху, непасрэдны ўдзельнік падрыхтоўкі і правядзення аптычных назіранняў у ходзе выпрабаванняў першай атамнай бомбы (1949) і першай тэрмаядзернай бомбы мегатоннай магутнасці (1955) у СССР.
Аўтар каля 200 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій.
Дзяржаўныя прэміі СССР: за паспяховае выкананне важных навуковых даследаванняў (1949); за двухтомную манаграфію «Ваганні малекул» (1950). Ленінская прэмія (1966) за навуковыя працы ў галіне фізічных навук. Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1992) за цыкл работ па фізіцы плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1949), «Знак Пашаны» (1956), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1968), медалямі.