Ігар Мікалаевіч Ярмоленка (02.04.1932, г. Мінск – 22.09.1991), хімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986; чл.-кар. з 1972), доктар хімічных навук (1965), прафесар (1967).
Работы ў галіне фізічнай хіміі валокнаў і плёнак палімераў і цеплатрывалых матэрыялаў. Устанавіў заканамернасці шэрагу працэсаў акіслення, термоліза, фатоліза і некаторых рэакцый этэрыфікацыі цэлюлозных матэрыялаў. Сінтэзаваў новыя вытворныя цэлюлозы, уключаючы эфіры цэлюлозы і неарганічных полікіслот. Стварыў новы від палімерных несярэбраных і маласярэбраных святлоадчувальных матэрыялаў, выявіўшы новую ўласцівасць палімераў з кіслотнымі групамі. Прапанаваў выкарыстанне іонаабменных валакністых сарбентаў для сорбцыі пры ачыстцы паветра і ў якасці субстанцый для вырошчвання раслін.
Аўтар больш за 450 навуковых прац, у т.л. 5 манаграфій, 200 вынаходстваў.
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1981), медалём.