Іван Васільевіч Гайшун (н. 29.09.1946, в. Пятровічы, Бабруйскага р-на), матэматык. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991; чл.-кар. з 1989), доктар фізіка-матэматычных навук (1985), прафесар (1992).
Навуковыя працы ў галіне дыферэнцыяльных ураўненняў, тапалагічнай дынамікі, працэсаў кіравання і метадаў матэматычнага мадэлявання. Прапанаваў адзіны падыход да задач устойлівасці агульных дынамічных сістэм, развіў метады даследавання нелінейных дыферэнцыяльных, функцыянальна-дыферэнцыяльных і дыскрэтных ураўненняў. Пабудаваў тэорыю ўраўнанняў у поўных вытворных, якая знаходзіцца на стыку тапалагічнай дынамікі, звычайных дыферэнцыяльных ўраўнанняў і функцыянальнага аналізу. Распрацаваў функцыянальна-аналітычныя метады даследавання размеркаваных сістэм кіравання, якія дазволілі вывучыць фундаментальныя ўласцівасці шматпараметрычных дыферэнцыяльна-рознасных і дыскрэтных сістэм, шырока выкарыстоўваюцца ў тэорыі апрацоўкі малюнкаў. Даследаваў пытанні існавання кананічных формаў лінейных нестацыянарных сістэм кіравання і назірання; на гэтай аснове прапанаваў спосабы стабілізацыі, сінтэзу прыводных уреўнанняў, ацэньвання элементаў руху і інш. Распрацаваў метады даследавання дынамічных сістэм кіравання-назірання, зададзеных над камутаціўнымі кольцамі. Выканаў шэраг прыкладных работ па матэматычным мадэляванні працэсаў кіравання ў шматфункцыянальных тэхнічных сістэмах.
Аўтар больш за 250 навуковых прац, у т. л. 5 манаграфій і падручніка.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2000 г. за даследаванне асімптатычных уласцівасцяў дыферэнцыяльных і дыскрэтных сістэм. Медаль Францыска Скарыны (2017 г.).