Георгій Канстанцінавіч Гаранскі (26.12.1912, г. Казань, Расія – 08.11.1999), вучоны ў галіне машынабудавання і тэхнічнай кібернетыкі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1969), доктар тэхнічных навук (1968), прафесар (1969). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Навуковыя даследаванні прысвечаны пытанням аўтаматызацыі тэхналагічнай падрыхтоўкі вытворчасці ў машынабудаванні. Распрацаваў асновы тэорыі комплекснай аўтаматызацыі і механізацыі зборачнай вытворчасці, тэорыі праектавання і разліку эксплуатацыі аўтаматызаваных станочных ліній і станкоў-аўтаматаў. Стварыў метады прадстаўлення і кадавання інфармацыі аб машынабудаўнічых дэталях, алгарытмы пошуку праектных рашэнняў з выкарыстаннем табліц адпаведнасцяў і праграмавання на іх аснове лагічных задач, якія ўзнікаюць пры аўтаматычным праектаванні.
Аўтар больш за 210 навуковых прац, у т.л. 6 манаграфій.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені (1944, 1985), Чырвонай Зоркі (1945), медалямі.