Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі (10.04.1900, в. Малая Багацькаўка, Мсціслаўскага р-на, Магілёўскай вобл. – 20.11.1988), эканаміст-географ, геолаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1928), доктар геолага-мінералагічных навук (1946). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1972).
Навуковыя даследаванні прысвечаны эканамічнай геаграфіі, геалогіі антрапагена і інжынернай геалогіі. Праводзіў пошукі і даследаванні пад будаўніцтва многіх каналаў і гідравузлоў. Распрацаваў асновы палеапатамалогіі – навукі аб рэках мінулага. Вывучаў геалогію антрапагена еўрапейскай часткі СССР. Аўтар работ па фальклоры, этнастатыстыцы, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадаркі, археалогіі.
Апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій.
Дзяржаўная прэмія СССР 1971 г. за серыю манаграфій пра прарэках. Дзяржаўная прэмія БССР 1986 г. за распрацоўку і ўкараненне навуковых асноў геалогіі антрапагена і геамарфалогіі ў практыку геолагаразведачных работ Беларусі.
Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі (1979), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1952, 1971), медалямі.