Мікалай Іванавіч Грашчанкаў (26.03.1901, в. Забор'е, Смаленскай вобл., Расія – 08.10.1965), вучоны ў галіне неўралогіі і нейрахірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1947), член-карэспандэнт Акадэміі Навук СССР (1939), акадэмік Акадэміі медыцынскіх навук СССР (1944), доктар медыцынскіх навук (1935), прафесар (1938). Удзельнік 1-й сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.
— Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1926) і Інстытут Чырвонай прафесуры (1932).
— У 1932 – 1933 гг. дырэктар Інстытута вышэйшай нервовай дзейнасці, у 1933 – 1944 гг. загадчык аддзела Усесаюзнага Інстытута эксперыментальнай медыцыны. У 1935 – 1937 гг. знаходзіўся ў навуковай камандзіроўцы ў Англіі і ЗША.
— З 1937 г. 1-й намеснік наркама аховы здароўя СССР, з 1939 г. дырэктар Усесаюзнага Інстытута эксперыментальнай медыцыны. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны кансультант па пытаннях неўрапаталогіі і нейрахірургіі ў дзеючай арміі.
— З 1944 г. дырэктар Інстытута неўралогіі АМН СССР.
— У 1947 – 1951 гг. прэзідэнт Акадэміі навук БССР і адначасова з 1948 г. дырэктар Інстытута тэарэтычнай медыцыны АН БССР.
— з 1951 г. загадчык кафедры неўрапаталогіі Цэнтральнага інстытута ўдасканалення ўрачоў і клініка-фізіялагічнай лабараторыяй АН СССР і АМН СССР, з 1958 г. – 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута.
— У 1959 – 1961 гг. намеснік генеральнага дырэктара Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Працы па фізіялогіі і паталогіі органаў пачуццяў, дыэнцэфальной паталогіі, электрафізіялогіі, траўматычным і інфекцыйных захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы. Вывучыў і апісаў газавую гангрэну мозгу, прапанаваў комплексныя метады тэрапіі агнястрэльных раненняў пазваночніка. Заклаў асновы нейрахірургіі ў Беларусі. Заснаваў нейрахірургічны цэнтр у Інстытуце неўралогіі, фізіятэрапіі і нейрахірургіі.
Апублікаваў звыш 270 навуковых прац, з іх 4 манаграфіі.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1945), Чырвонага Сцяга (1943), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1945, 1949), медалямі.