Віктар Паўлавіч Грыбкоўскі (30.04.1932, в. Асташкавічы, Дубровенскага р-на, Віцебскай вобл. – 26.10.2000), фізік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1977), доктар фізіка-матэматычных навук (1973), прафесар (1979).
Даследаванні па праблемах нелінейнай оптыкі, лазернай фізікі, люмінесцэнцыі, фізікі стрымерных разрадаў у паўправадніках. Развіў тэорыю паглынання святла і люмінесцэнцыі пры інтэнсіўным узбуджэнні, увёў паняцце параметра нелінейнасці, вызначыў асноўныя заканамернасці эфектаў насычэння ў паўправадніках. Атрымаў агульныя формулы для парога, магутнасці, ККД, частоты пульсацый і аптымальнага рэжыму генерацыі паўправадніковых лазераў.
Аўтар больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, дзве з якіх перавыдадзеныя за мяжой.
Дзяржаўная прэмія БССР 1976 г. за цыкл прац па распрацоўцы метадаў разліку энергетычных і часовых характарыстык цвёрдацельных аптычных квантавых генератараў, апублікаваных у 1961 – 1975 гг.
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1981), медалямі.