Уладзімір Рыгоравіч Іванюк (23.07.1941, в. Мяфедавічы, Кобрынскага р-на, Брэсцкай вобл. – 22.05.2009), вучоны ў галіне аховы раслін. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1992-2002). Доктар біялагічных навук (1982), прафесар (1992).
Навуковыя працы ў галіне імунітэту і аховы сельскагаспадарчых культур ад хвароб і шкоднікаў. Правёў вывучэнне біялогіі ўзбуджальнікаў хвароб бульбы, агароднінных культур, лубіна і інш выявіў уплыў фактараў навакольнага асяроддзя, сродкаў аховы і ўстойлівасці гатункаў на асноўныя жыццёвыя функцыі патагенаў і патагенез. Устанавіў структуру папуляцый і яе дынаміку ў прасторы і часе. Распрацаваў метады прагнозу і кантролю мікраэвалюцыі фітапатагенных мікраарганізмаў. Выявіў эфектыўнасць шэрагу агратэхнічных прыёмаў, пестыцыдаў і біялагічных сродкаў аховы супраць комплексу грыбных і бактэрыяльных захворванняў. Прапанаваў высокаэфектыўныя метады ацэнкі і адбору селекцыйнага матэрыялу па прыкмеце хваробаўстойлівасці. Распрацаваў матэматычныя мадэлі ўзаемаадносін у сістэме "расліна – патаген – навакольнае асяроддзе", якія дазваляюць прагназаваць характар праявы найбольш шкоднасных захворванняў сельскагаспадарчых культур у Беларусі і планаваць аб'ёмы правядзення ахоўных мерапрыемстваў. Выявіў прычыны ўзнікнення і развіцця эпіфітацый хвароб, спосабы падаўлення паразітычнай актыўнасці патагенаў і павышэння хваробаўстойлівасці сельскагаспадарчых культур.
Аўтар каля 500 навуковых прац, у т.л. 13 манаграфій, 12 аўтарскіх пасведчанняў.