Рамуальд Здзіслаў Клекоўскі (н. 01.01.1924, г.Пінск, Брэсцкай вобл.), вучоны ў галіне экалогіі і экалагічнай біяэнергетыкі. Доктар хабилитованый (1966), прафесар (1970). Акадэмік польскай АН (1994, чл.-кар. з 1979), замежны член НАН Беларусі(1995).
Навуковыя працы прысвечаны праблемам экалогіі і біяэнергетыкі жывых арганізмаў. Арганізатар з 1969 г. польскіх палярных экспедыцый у Антарктыцы. Даследаваў энергетычныя працэсы, якія праходзяць на розных узроўнях арганізацыі жывой матэрыі. Распрацаваў навукова-метадычныя падыходы для аналізу патокаў энергіі ў экасістэмах. Каардынатар і арганізатар буйных праектаў, што выконваюцца ў рамках Польскай АН у галіне аховы прыродных рэсурсаў. Член Камітэта па экалогіі Польскай АН.
Аўтар больш за 140 навуковых прац, у тым ліку манаграфій.
Узнагароджаны медалём перамогі і свабоды (1947), крыжам Кавалера Ордэна Адраджэння Польшчы (1971), крыжам камандора Ордэна Адраджэння Польшчы (1977), крыжам Камандора з зоркай Ордэна Адраджэння Польшчы (1986).