Барыс Андрэевіч Калавандін (21.01.1938, г. Архангельск – 07.06.1998), вучоны ў галіне механікі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994; чл.- кор. з 1989), доктар тэхнічных навук (1984), прафесар (1986).
Даследаванні ў галіне сучаснай тэорыі працэсаў турбулентнага пераносу. Распрацаваў матэматычныя дыферэнцыяльныя мадэлі, якія апісваюць статыстычныя параметры турбулентнага цепла- і масапераносу ў патоках вадкасці, што дазволіла ўнесці істотны ўклад у стварэнне метадаў матэматычнага мадэлявання працэсаў турбулентнага пераносу. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны нетрадыцыйныя метады навігацыі хуткасных гідрадынамічных аб'ектаў і спосабы зніжэння іх гідрадынамічнага супраціву.
Аўтар больш за 170 навуковых прац, у т.л. 4 манаграфій, 35 вынаходстваў.
Прэмія Савета Міністраў СССР 1982 г. за прыкладныя работы па гэтай праблеме.
Узнагароджаны медалямі.