Уладзімір Сямёнавіч Камароў (29.01.1923 – 15.04.2018), хімік. Нарадзіўся ў в. Княжыцы, Магілёўскага р-на. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1980; чл.-кар. з 1970), доктар хімічных навук (1969), прафесар (1972). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўныя навуковыя працы прысвечаны даследаванню адсарбентаў. Прапанаваў новыя метады актывацыі глін. Устанавіў сувязь паміж структурай сінтэзаваных адсарбентаў і прыродай інтэрміцэлярнай вадкасці. Паказаў залежнасць адсорбцыі кампанентаў бінарных раствораў ад тэрмадынамічных уласцівасцяў раствора, прыроды і структуры адсарбентаў. Вывучыў тэрмадынаміку набракання палімераў у бінарных асяроддзях і размеркаванне кампанентаў асяроддзя паміж растворам і палімерам. Устанавіў механізм рэгулявання порыстай структуры адсарбентаў і каталізатараў, якія атрымліваюцца пры ўздзеянні на іх гелі розных фактараў, агульную заканамернасць сінтэзу сооасаджаных порыстых рэчываў і характар фарміравання іх структуры. Распрацаваў тэарэтычныя асновы і метады атрымання механічна трывалых порыстых носьбітаў для каталізатараў высокатэмпературных працэсаў, а таксама спосабы атрымання каталізатараў крэкінгу, ізамерызацыі, сінтэзу аміяку, у тым ліку на аснове прыродных алюмасілікатаў.
Аўтар больш за 800 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій і 150 вынаходак.
Дзяржаўная прэмія БССР 1980 г. за распрацоўку і ўкараненне новых каталізатараў і тэхналагічных працэсаў, якія забяспечваюць інтэнсіфікацыю вытворчасці капралактаму і павышэнне яго якасці пры значным скарачэнні шкодных выкідаў у навакольнае асяроддзе. Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 1999 г. за манаграфію "Тэорыя, сінтэз, структура і ўласцівасці атрыманых адсарбентаў".
Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі (1983), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976), Чырвонай Зоркі (1945), Славы III ступені (1944), Айчыннай вайны I ступені (1985), Францыска Скарыны (1999), медалямі.