Яўменій Рыгоравіч Канавалаў (19.09.1914, в. Чарнарэчка, Гарэцкага р-на, Магілёўскай вобл. – 16.06.1974), вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1969; чл.-кар. з 1967), доктар тэхнічных навук (1962), прафесар (1964). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1972).
Навуковыя даследаванні прысвечаны распрацоўцы новых спосабаў апрацоўкі металаў, стварэнні металаапрацоўчага абсталявання і інструмента, вывучэнні трываласці металаў і сплаваў у ўльтрагукавым поле. Стварыў і развіў новы напрамак у рэзанні металаў – ратацыйнае рэзанне і прапанаваў метад апрацоўкі цяжкадэфармаваных матэрыялаў і сплаваў пры нізкіх тэмпературах у вакууме пры накладанні ўльтрагукавога поля, шэраг іншых метадаў апрацоўкі металаў з выкарыстаннем для формаўтварэння механічнай, акустычнай, магнітнай і электрычнай энергіі. Выявіў заканамернасці ўплыву ультрагукавога поля на працэсы расцяжэння, скрута, выгібу і паўзучасці металаў і сплаваў. Прапанаваў тэорыю формаўтварэння, на аснове якой распрацаваў класіфікацыю розных тэхналагічных працэсаў металаапрацоўкі.
Аўтар больш за 350 навуковых прац, у т.л. 8 манаграфій, 118 вынаходак.
Дзяржаўная прэмія БССР 1974 г. за даследаванне, распрацоўку і ўкараненне высокапрадукцыйных працэсаў і інструментаў для размерна-чыставой і умацняючай апрацоўкі дэталяў машын павярхоўным пластычным дэфармаваннем.