Міхаіл Паўлавіч Касцюк (н. в. Масцішча, Навагрудскага р-на, Гродзенскай вобл., 26.03.1940 – 05.02.2019), гісторык. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996; чл.-кар. з 1989), доктар гістарычных навук (1980), прафесар (1987).
Навуковыя даследаванні пераважна па гісторыі Беларусі ХХ ст., у т.л. гісторыі сялянства, рабочых, інтэлігенцыі Рэспублікі. Даследаваў вытворчую дзейнасць працаўнікоў сяла, арганізацыйна-гаспадарчае развіццё калгаснага ладу, грамадска-палітычнае жыццё ў Беларускай ССР, эвалюцыю свядомасці працоўных. Вывучаў гісторыю дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў Рэспубліцы, характар савецкага ладу, праблемы гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і інш. З'яўляецца адным з аўтараў прац "Гісторыя Беларускай ССР" (т. 4, 1975). "Перамога калгаснага ладу ў Беларускай ССР" (1981). Галоўны рэдактар і адзін з аўтараў другога тома "Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР" (1985), "Нарысаў гісторыі Беларусі" ў 2 частках (1994–1995), "Гісторыі Беларусі" ў 6-ці тамах (т. 1-5, Мінск, 2000–2007).
Аўтар больш за 250 навуковых прац, у т.л. 4 індывідуальныя і звыш 10 калектыўных манаграфій.
Прэмія Сібірскага аддзялення РАН і НАН Беларусі ім. акадэміка В.А. Капцюга (2003) за кнігу "Нарыс гісторыі беларусаў у Сібіры ў ХІХ-ХХ стст."
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010).