Мікалай Сямёнавіч Казлоў (17.05.1907, г. Цвер, Расія – 04.04.1993), хімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1966), доктар хімічных навук (1935), прафесар (1933). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР (1965).
Асноўныя працы па сінтэзу арганічных злучэнняў і вывучэнні механізму дзеяння гетэрагенных і гамагенных каталізатараў. Прапанаваў спосабы атрымання гетэрацыклічных злучэнняў, сінтэзу хіналінаў (рэакцыя Казлова), удзельнічаў у распрацоўцы сінтэзу хлорапрэнавага каўчука, сінтэзаваў новыя фізіялагічна актыўныя рэчывы, цыянінавыя фарбавальнікі, антыстатыкі для палімераў. Распрацаваў рэакцыю гідраамініравання арганічных рэчываў новымі азотнымі злучэннямі.
Аўтар больш за 700 навуковых прац, у т.л. 7 манаграфій, 98 вынаходак.
Дзяржаўная прэмія БССР 1984 г. за распрацоўку новых каталітычных метадаў сінтэзу азотазмяшчальных арганічных злучэнняў.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967), Дружбы народаў (1977), "Знак Пашаны" (1961), медалямі.