Кандрат Кандратовіч Атраховіч (Кандрат Крапіва; 05.03.1896, в. Нізок, Уздзенскага р-на, Мінскай вобл. – 07.01.1991), драматург, байкапісец, празаік, мовазнаўца, грамадскі дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1950; чл.-кар. з 1940), доктар філалагічных навук (1953). Народны пісьменнік БССР (1956). Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1922 г. Раннія сатырычныя творы ўвайшлі ў зборнікі "Асцё" і "Крапіва" (1925). Аўтар шматлікіх баек, вершаў, паэм, апавяданняў, п'ес. Яго творчасць адыграла важную ролю ў развіцці сатырычных жанраў у беларускай літаратуры, самабытнай з'явай сталі яго байкі. Вострай надзённасцю і сатырычна-гумарыстычнай скіраванасцю адрозніваецца яго проза. З сярэдзіны 1930-х гадоў плённа працаваў у галіне драматургіі, яго п'есы – якасна новы этап у развіцці беларускай драматургіі. Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац. Навуковы рэдактар "Беларуска-рускага слоўніка" (1962), "Руска-беларускага слоўніка" (т. 1-2, 1982), "Дыялектычнага атласа беларускай мовы" (1963) і інш. Пераклаў на беларускую мову многія творы І. Крылова, А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Чэхава, А. Твардоўскага, Т. Шаўчэнкі, В. Шэкспіра, А. Міцкевіча і інш.
Дзяржаўная прэмія СССР 1941 г. за камедыю "Хто смяецца апошнім". Дзяржаўная прэмія СССР 1951 г. за лірычную камедыю "Пяюць жаваранкі" (1950). Дзяржаўная прэмія СССР 1971 г. за ўдзел у комплексе работ па беларускай лінгвагеаграфіі. Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы 1974 г. за фантастычную камедыю "Брама неўміручасці" (1973).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1940, 1949, 1966, 1977), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Чырвонага Сцяга (1943), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955), Чырвонай Зоркі (1943), медалямі.