Васіль Феафілавіч Купрэвіч (24.01.1897, в. Кленнікі, Смалявіцкага р-на, Мінскай вобл. – 17.03.1969), батанік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1952), член-карэспандэнт АН СССР (1953), доктар біялагічных навук (1942), прафесар (1950). Герой Сацыялістычнай Працы (1969). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1967). Удзельнік Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
— Скончыў Інстытут павышэння кваліфікацыі кадраў народнай адукацыі ў Маскве (1931).
— У 1934 – 1938 гг. старшы навуковы супрацоўнік інстытута біялагічных навук АН БССР, у 1938 – 1949 гг. загадчык лабараторыі, у 1949 – 1952 гг. дырэктар Батанічнага інстытута АН СССР.
— У 1952 – 1969 гг. прэзідэнт Акадэміі навук БССР, адначасова з 1953 г. загадчык аддзела Інстытута біялогіі АН БССР, з 1958 г. кіраўнік аддзела фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін АН БССР.
— У 1954 – 1969 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, у 1951 – 1955 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Галоўны рэдактар часопісаў "Даклады АН БССР" (1952–1969), "Мікалогія і фітапаталогія" (1967–1969) і "Батанічнага часопіса" (1959–1966).
Працы па фізіялогіі хворых раслін, сістэматыцы грыбоў, глебавай энзімалогіі. Выявіў пазаклеткавае вылучэнне ферментаў у аблігатных паразітах і прапанаваў гіпотэзу аб прагрэсіўным скарачэнні і спецыялізацыі ферментнага апарата паразітных грыбоў у працэсе іх эвалюцыі. Упершыню даказаў, што расліны могуць засвойваць для фотасінтэзу вуглекіслату, якая трапляе ў каранёвую сістэму разам з вадой з глебы. Адкрыў пазаклеткавыя ферменты, якія выдзяляюцца кончыкамі каранёў вышэйшых раслін, і гэтым даказаў магчымасць гетэратрофнага харчавання вышэйшых раслін у прыродных умовах. Абгрунтаваў магчымасць выкарыстання актыўнасці глебавых ферментаў як паказчыка біялагічнай актыўнасці глебы. Паклаў пачатак новаму кірунку ў вывучэнні глебы – глебавай энзімалогіі.
Апублікаваў больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1967, 1969), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1957), Знак Пашаны (1953), медалямі. Яго імем названы Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.