Георгій Паўлавіч Лапато (23.08.1924, в. Азяршчына, Рэчыцкага р-на, Гомельскай вобл. – 13.02.2003), вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1995), член-карэспандэнт АН СССР (1979), член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук( 1991), доктар тэхнічных навук (1976), прафесар (1980). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўныя працы ў галіне распрацоўкі і ўкаранення ў прамысловасць ЭВМ сямейства "Мінск", ЭВМ Адзінай сістэмы і персанальных кампутараў на базе мікраэлектронікі, а таксама стварэння вылічальных комплексаў і сістэм, перыферыйнага абсталявання для ЭВМ, вытворчасці тэхнічных сродкаў і метадаў аўтаматызацыі праектавання ЭВМ. Галоўны канструктар ЭВМ "Мінск-1", вылічальнай сістэмы "Мінск-222", сістэмы калектыўнага карыстання "Нарач", шэрагу вазімых ЭВМ, вылічальных комплексаў спецыяльнага прызначэння.
Аўтар больш за 120 навуковых прац і 46 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія СССР 1970 г. за стварэнне сямейства універсальных электронных вылічальных машын другога пакалення тыпу "Мінск" і асваенне іх серыйнай вытворчасці.
Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976), Леніна (1983), "Знак Пашаны" (1966), медалямі.