Валянцін Канстанцінавіч Лукашоў (25.6.1938, Ленінград – 08.06.1998), вучоны ў галіне геахіміі і геалогіі. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986). Доктар геолага-мінералагічных навук (1969), прафесар (1994).
Работы ў галіне геахіміі зоны гіпергенэза і аховы навакольнага асяроддзя. На прыкладзе Беларусі даў сістэматычную і найбольш поўную характарыстыку хімічнага складу грунтоў розных эпох антрапагена, што з'явілася важнай тэарэтычнай базай для работ па пошуку карысных выкапняў, пры праектаванні інжынерных збудаванняў, водазабеспячэнні, меліярацыі, вырашэнні медыка-біялагічных і сельскагаспраблем. Прапанаваў новы геахімічны метад пошукаў з выкарыстаннем штучных сарбентаў, якія змяшчаюцца ў глебы ў раёне пошукаў і якія дазваляюць выявіць рудныя цела на значных глыбінях. Вёў распрацоўку сістэмы біяхімічнага кантролю навакольнага асяроддзя, стварыў серыю эколага-геахімічных карт гарадоў Беларусі і развіў новы навуковы напрамак-геахімія гарадскога асяроддзя. Распрацаваў праблему выкарыстання геахімічных індыкатараў і паказчыкаў для характарыстыкі геалагічных працэсаў, вывучыў палеагеахімічныя асаблівасці кайназойскага літагенезу ў Беларусі і на сумежных тэрыторыях.
Аўтар больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 25 манаграфій, 5 аўтарскіх пасведчанняў.