Іван Ягоравіч Марчанка (02.06.1923, в. Людкоў, Слаўгарадскага р-на, Магілёўскай вобл. – 19.04.1997), гісторык. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1980), доктар гістарычных навук (1969), прафесар (1970). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўныя працы па гісторыі рабочага класа, калгаснага сялянства і культурнага будаўніцтва. Даследаваў праблемы аднаўлення і развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі, вытворчай і грамадска-палітычнай дзейнасці працаўнікоў, іх культурна-тэхнічны рост. Вывучаў сувязі Беларусі з іншымі рэспублікамі СССР, іх супрацоўніцтва і ўзаемадапамога. Адзін з аўтараў "Гісторыі Беларускай ССР" у 5 тамах (1973–1975), "Гісторыі Мінска" (1967), " Гісторыі Беларускай ССР" (1977), кніг "Полацк. Гістарычны нарыс" (1987), "Нарысы гісторыі Беларусі" (ч. 2, 1995) і іншых калектыўных прац.
Аўтар больш за 150 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1942, 1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976), Айчыннай вайны I ступені (1985), медалём "За адвагу" (1944), іншымі медалямі.