Алег Рыгоравіч Мартыненка (12.03.1936, г. Краматорск, Украіна – 01.12.2012), цеплафізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991; чл.-кар. з 1989), доктар тэхнічных навук (1973), прафесар (1978). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2001).
Асноўныя працы звязаны з распрацоўкай асімптатычных падыходаў у галіне канвектыўнага цепла- і масаабмену, газадынамікі віхравых атмасферных утварэнняў, метадаў разліку цеплаабменных апаратаў і прылад. Выявіў анамальны эфект паводзін цеплаперадачы пры турбулентным плыні вадкасці ў каналах складанай формы з развітымі буйнамаштабнымі віхрамі, усталяваў заканамернасці эвалюцыі дысіпатыўных структур. Выявіў эфект адмоўнай глейкасці, выканаў тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні змяшанай канвекцыі і прапанаваў метады разліку складанага цеплаабменнага тэхналагічнага абсталявання. Правёў тэарэтычныя і эксперыментальныя даследаванні ў галіне аэратэрмаоптыкі, на базе якіх рэалізаваны метады кіравання магутнымі патокамі выпраменьвання.
Аўтар больш за 340 навуковых прац, у т.л. 11 манаграфій, звыш 100 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2002 г. за распрацоўку навуковых асноў, сварэнне і ўкараненне новых энергаэфектыўных цепламасаабменных тэхналогій і абсталявання для энергетычнага комплексу і іншых галін народнай гаспадаркі. Прэмія НАН Беларусі ім. акадэміка А.В. Лыкава 2005 г. за цыкл работ "Цепла- і масаперанос у неаднародных асяроддзях з улікам гідрадынамікі, фазавых і хімічных ператварэнняў". Прэмія "Дружба" Кітайскай Народнай Рэспублікі ў галіне навукі 2010 г.