Стэфан Барысавіч Міхалёў (10.03.1926, в. Караблёва, Шумячскага р-на, Смаленскай вобл., Расія – 13.09.2014, г. Мінск), вучоны ў галіне аўтаматызаваных сістэм праектавання і аўтаматызацыі працэсаў кіравання вытворчасцю. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986), доктар тэхнічных навук (1974), прафесар (1982). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Работы ў галіне тэорыі стварэння аўтаматызаваных сістэм праектавання і аўтаматызацыі працэсаў кіравання вытворчасцю ў машынабудаванні і прыборабудаванні. Тэарэтычна абгрунтаваў і распрацаваў метадалогію стварэння аўтаматызаваных сістэм кіравання прадпрыемствамі, тыпізацыі элементаў аўтаматызаваных сістэм. Правёў даследаванні па вывучэнні структур складаных аўтаматызаваных сістэм праектавання вырабаў і тэхналогіі, іх дэкампазіцыі і інтэграцыі.
Аўтар больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій, 25 кніг і брашур.
Дзяржаўная прэмія СССР 1984 г. за распрацоўку тэарэтычных асноў, стварэнне і шырокае ўкараненне арганізацыйнага кіравання з выкарыстаннем ЭВМ.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971, 1981), Дружбы народаў (1986), "Знак Пашаны" (1966), Айчыннай вайны II ступені (1985), медалямі.