Ігар Станіслававіч Нагорскі (18.02.1931, г. Бабруйск – 13.05.2006), вучоны ў галіне механізацыі і аўтаматызацыі сельскай гаспадаркі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), акадэмік Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (1991), Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1992-2002), доктар тэхнічных навук (1978), прафесар (1980).
Навуковыя даследаванні прысвечаны пытанням тэхналогіі і сродкаў механізацыі сельскай гаспадаркі. Прапанаваў эксперыментальна-тэарэтычны аналіз эфектыўнасці функцыянавання і аптымізацыю метадамі матэматычнага мадэлявання параметраў сельскагаспадарчых машын на стадыі іх праектавання. Распрацаваў палажэнні па даследаванні мабільных сельскагаспадарчых агрэгатаў ва ўмовах нестацыянарных выпадковых уздзеянняў. Унёс уклад у абгрунтаванне ацэначных паказчыкаў і шляхоў фарміравання рацыянальнай сістэмы сельскагаспадарчых машын. Пад яго кіраўніцтвам створаны эфектыўныя сельскагаспадарчыя машыны новага пакалення, якія забяспечваюць высокую ступень рэсурсазберажэння пры вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за кошт адаптацыі іх рабочых органаў да глебы, раслін і апрацоўваных сельскагаспадарчых матэрыялаў, а таксама дзякуючы высокаму ўзроўню ўніфікацыі.
Аўтар больш за 420 навуковых прац, у тым ліку 18 кніжных выданняў, больш за 60 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы і патэнтаў.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1979), медалямі.