Уладзімір Іванавіч Няфёд (27.01.1916, г. Шахты, Растоўскай вобл., Расія – 23.04.1999), тэатразнаўца, драматург. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1972), доктар мастацтвазнаўства (1963). Прафесар (1964). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1975).
Даследаваў пытанні гісторыі, тэорыі і сучаснай практыкі беларускага тэатра, праблемы драматургіі і творчасці майстроў сцэны (кнігі "Тэатр у вогненныя гады", 1959 г.; "Сучасны беларускі тэатр", 1961 г.; "Станаўленне беларускага савецкага тэатра", 1965 г.; Дзяржаўная прэмія БССР 1966 г.). Адзін з аўтараў "Гісторыі савецкага драматычнага тэатра" (т. 1-6, 1966 – 1971), галоўны рэдактар і аўтар асобных раздзелаў "Гісторыі беларускага тэатра" (т. 1-3, 1983-1987). Аўтар аднаактовых п'ес.
Апублікаваў каля 500 навуковых прац, артыкулаў і рэцэнзій, у тым ліку 13 манаграфій.
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1944), медалямі.