Іван Мікалаевіч Нікітчанка (10.01.1939, в. Горыцы, Пагарскага р-на, Бранскай вобл., Расія – 20.11.2010), вучоны ў галіне селекцыі жывёл. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986), доктар сельскагаспадарчых навук (1979), прафесар (1981).
Даследаванні па распрацоўцы генетыка-матэматычных метадаў аналізу селекцыйнай працы і аўтаматызаваных сістэм кіравання ў племянной жывёлагадоўлі, па стварэнні новых спецыялізаваных ліній свіней. Распрацаваў прагнозныя індэксы абмену рэчываў, метады прагназавання прадуктыўнасці і генетычнай схільнасці жывёл да захворванняў і стрэсаў.
Аўтар больш за 280 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій, 5 вынаходак.
Прэмія Савета Міністраў СССР 1980 г. за распрацоўку і ўкараненне ў БССР эфектыўнай сістэмы племянной працы ў свінагадоўлі, стварэнне беларускага ўнутрыпароднага тыпу свіней буйной белай і беларускай чорна-стракатай парод.