Пётр Іванавіч Нікончык (н. 20.04.1932, в. Слабада, Пухавіцкага р-на, Мінскай вобласці), вучоны ў галіне земляробства. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1992-2002). Доктар сельскагаспадарчых навук (1987).
Навуковыя працы ў галіне земляробства. Распрацаваў і рэалізаваў на практыцы эканамічна і экалагічна абгрунтаваныя сістэмы выкарыстання зямлі ў дачыненні да спецыялізаванага земляробства на аснове прынцыпаў біялагізацыі, адаптыўнай інтэнсіфікацыі і рэсурсаэнергазберажэння, удасканалення і рацыянальнага спалучэння глебава-экалагічных севазваротаў, структуры пасяўных плошчаў з сістэмамі угнаенняў і абароны раслін. Абгрунтаваў і ўкараніў у вытворчасць адаптыўныя контурна-экалагічныя севазвароты для гаспадарак рознай спецыялізацыі на прынцыпах ландшафтнага землекарыстання. Эксперыментальна даследаваў біялагічны кругазварот пажыўных рэчываў, баланс арганічнага рэчыва і элементаў харчавання ў розных відах севазваротаў і распрацаваў на іх базе тэарэтычныя асновы ўдасканалення структуры пасяўных плошчаў, сістэмы севазваротаў, угнаенняў у іх, ўзнаўлення ўрадлівасці глебы. Распрацаваў сістэмы землекарыстання і спецыялізаваных севазваротаў, якія забяспечваюць высокую прадуктыўнасць раллі (70-85 ц/га к. адз.), пашыранае ўзнаўленне ўрадлівасці глебы, паляпшэнне фітасанітарнага стану пасеваў, ахову навакольнага асяроддзя.
Аўтар больш за 160 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій і кніг.