Яўген Яўгенавіч Анегін (17.07.1932, г. Кастрама, Расія – 22.11.2002), вучоны ў галіне электроннага машынабудавання. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986), доктар тэхнічных навук (1982), прафесар (1989).
Даследаванні ў галіне тэорыі праектавання прэцызійнага тэхналагічнага абсталявання для вытворчасці вялікіх і звышвялікіх інтэгральных схем, прынцыпаў яго пабудовы і тэхналогіі вырабу. Распрацаваў новыя фізічныя і тэхналагічныя прынцыпы пабудовы оптыка-механічнага і зборачнага абсталявання ў вытворчасці вырабаў мікраэлектронікі і сродкі для іх рэалізацыі.
Аўтар каля 100 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, 46 вынаходак.
Дзяржаўная прэмія СССР 1973 г. за распрацоўку і ўкараненне ў масавую вытворчасць высокачастотных транзістараў серыі КТ-315.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1981), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1986), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976), медалём.