Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ПАКРОЎСКІ Валянцін Іванавіч

Валянцін Іванавіч Пакроўскі (н. 01.04.1929, г. Іванава, Расія - 29.10.2020) – інфекцыяніст і эпідэміёлаг. Замежны член НАН Беларусі (2000). Акадэмік Акадэміі медыцынскіх навук СССР (1982; чл.-кар. з 1971), Расійскай акадэміі медыцынскіх навук (1991–2013), Расійскай АН( 2013), Доктар медыцынскіх навук (1966), прафесар (1967). Ганаровы член Расійскай акадэміі адукацыі (2004).

Асноўны напрамак навуковых даследаванняў – распрацоўка прынцыпаў тэрапіі інфекцыйных хворых і праблем эпідэміялогіі. Даследаваў асновы рацыянальнага прымянення антыбіётыкаў, сродкаў неадкладнай тэрапіі. Абгрунтаваў і ўкараніў у клініку інфекцыйных хвароб метады інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі. Унёс уклад у барацьбу з эпідэміямі інфекцыйных хвароб (чума, халера, менінгакокавая інфекцыя) у розных раёнах Расіі і замежных краін. Пад яго кіраўніцтвам разгорнутыя фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па праблемах СНІДу.

Аўтар больш за 700 навуковых прац, у тым ліку 30 манаграфій, падручнікаў, больш за 20 вынаходстваў.

Дзяржаўная прэмія Расійскай Федэрацыі (1997) за цыкл работ па этыялагічнай дыягностыцы, клініцы і этыатропнай тэрапіі невядомых раней інфекцыйных захворванняў (мікоплазма-пнеўманія інфекцыя, легіонелез, пнеўмацыстоз, ротавірусная інфекцыя). Прэміі Урада Расійскай Федэрацыі: за распрацоўку метадаў лячэння халеры і іншых вострых кішачных інфекцый (1996), за распрацоўку пептыднага прэпарата "Имунофан" і яго практычнае прымяненне ў патагенетычнай тэрапіі (1999), за стварэнне камплекта міждысцыплінарных падручнікаў «Інфекцыйныя хваробы і эпідэміялогія» (2009).

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Леніна (1986), «За заслугі перад Айчынай» II (1999) і III (1994) ступеняў, медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Микоплазма пневмонии – инфекция. М., 1978 (в соавт.).
  2. Приобретенный иммунитет и инфекционный процесс. М., 1979 (в соавт.).
  3. СПИД: синдром приобретенного иммунодефицита. М., 1988 (в соавт.).
  4. Стрептококки и стрептококкозы. М., 2006 (в соавт.).