Аляксандр Уладзіміравіч Руцкі (н. 27.01.1932, в. Бартнікі, Баранавіцкага р-на, Брэсцкай вобл.), вучоны ў галіне артапедыі і траўматалогіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2002; чл.-кар. з 1991), доктар медыцынскіх навук (1976), прафесар (1977). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1982).
Выканаў фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, накіраваныя на зніжэнне траўматызму, скарачэнне тэрмінаў лячэння, памяншэнне інваліднасці і смяротнасці. Прапанаваў шэраг метадаў лячэння траўматалагічных хворых. Вынікі работ, звязаных з даследаваннем тканкавага крывацёку і абменных працэсаў, адкрываюць новыя перспектывы і магчымасці ў дыягностыцы і лячэнні траўматычных пашкоджанняў і захворванняў апорна-рухальнага апарата. Распрацаваў бясцэментны двухполюсны эндапратэз тазасцегнавага сустава, за які 2005 г. атрыманы міжнародны сертыфікат "СЕ". На серыйную вытворчасць эндапратэза атрыманы міжнародны сертыфікат якасці SGS ISO 9001:2000.
Аўтар 275 навуковых прац, у т.л. 11 манаграфій і даведнікаў, 13 патэнтаў і вынаходак.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1992 г. за цыкл работ "Распрацоўка і ўкараненне ў практыку сасудзістай хірургіі новых метадаў дыягностыкі і лячэння".
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), ордэнам Дружбы народаў (1981), медалямі.