Віктар Іванавіч Семянкоў (н. 26.12.1925, в. Гімбатоўка, Мсціслаўскага р-на, Магілёўскай вобл.), правазнаўца. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1980), доктар юрыдычных навук (1977), прафесар (1979). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1996). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Працы па гісторыі працоўнага права і заканадаўства аб ахове працы, наглядзе і кантролі за захаваннем заканадаўства аб працы. Шэраг работ прысвечаны пытанням дзяржаўнага будаўніцтва, гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Яго працы садзейнічалі павышэнню эфектыўнасці прававых нормаў у галіне рэгулявання працоўных і калектыўна-працоўных адносін. Узначальваў аўтарскі калектыў па падрыхтоўцы і выданню чатырох Каментароў да Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (2000, 2003, 2005, 2008 гг.), з'яўляўся рэдактарам і сааўтарам пяці падручнікаў "Працоўнае права", удзельнічаў у падрыхтоўцы і публікацыі сямі даведнікаў па працоўным заканадаўстве для насельніцтва. Браў удзел у распрацоўцы канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (1994 г.), іншых нарматыўна-прававых актаў.
Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 13 манаграфій, 5 падручнікаў.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1979), Айчыннай вайны II ступені (1985), "Знак Пашаны" (1971), медалём "За адвагу" (1945), іншымі медалямі.