Іван Пятровіч Шамякін (н. 30.01.1921, в. Карма, Добрушскага р-на, Гомельскай вобл. – 14.10.2004), пісьменнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994; чл.-кар. з 1980). Народны пісьменнік БССР (1972). Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Друкавацца пачаў у 1941 г., першая аповесць "Маці" надрукаваная ў 1945 г. аўтар раманаў, аповесцяў, п'ес, кінасцэнарыяў, літаратурна-крытычных работ. Творы аб Вялікай Айчыннай вайне, гераізме савецкіх воінаў і партызан у барацьбе з ворагам. У яго раманах "Атланты i карыятыды" (1974), "Вазьму твой боль" (1978), "Петраград-Брэст" (1981-1993), "Зеніт" (1987), "Злая зорка" (1993), аповесцях падымаюцца важныя праблемы грамадскага жыцця, сувязь гістарычнага мінулага з сённяшнім днём, узаемаадносіны паміж пакаленнямі, выхаванне моладзі, станаўленне чалавека як асобы. Большасць твораў перакладзены на многія мовы народаў свету. Аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў.
Дзяржаўная прэмія СССР 1951 г. за раман "Глыбокая плынь" (1947–1948). Літаратурная прэмія імя Я. Коласа 1959 г. за раман "Крыніцы" (1956), Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа 1968 г. за раманы "Сэрца на далоні" (1963) і "Трывожнае шчасце" (1957–1965). Прэмія Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (2002).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1981), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1976), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955, 1967, 1971), Айчыннай вайны II ступені (1985), Дружбы народаў (1991), "Знак Пашаны" (1949), Айчыны III ступені (2001), медалямі.