Анатоль Герасімавіч Шашкоў (28.02.1927, г. Гомель – 24.01.2011), цеплафізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1980; чл.-кар. з 1970), доктар тэхнічных навук (1967), прафесар (1967). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1978).
Работы па праблемах тэрмаанемаметрыі, працэсам пераносу цяпла ў газах і цвёрдых целах, разліку электрычных ланцугоў з цеплазалежнымі супраціўленнямі, пытаннях праектавання складаных тэрмаанемаметрычных сістэм. Даследаваў цячэнне глейкіх вадкасцяў праз дрэсселіруючыя прылады, цеплаабмен цвёрдых целаў з газамі, залежнасць цеплаправоднасці газаў і газавых сумесяў ад тэмпературы і канцэнтрацыі. Стварыў асновы сістэмна-структурнага падыходу да аналізу задач цеплаправоднасці і ідэнтыфікацыі цеплафізічных уласцівасцяў рэчываў і цеплавых патокаў.
Аўтар больш за 180 навуковых прац, у т.л. 14 манаграфій.
Прэмія НАН Беларусі імя акадэміка А.В. Лыкава 2005 г. за цыкл работ "Цепла- і масаперанос у неаднародных асяроддзях з улікам гідрадынамікі, фазавых і хімічных ператварэнняў".
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1986), медалём.