Васілій Мікалаевіч Шлапуноў (н. 30.07.1932, в. Белая Дубрава, Касцюковіцкага р-на, Магілёўскай вобл. - 04.08.2021), вучоны ў галіне кормавытворчасці. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1996-2002), замежны член Украінскай акадэміі аграрных навук (1999), доктар сельскагаспадарчых навук (1988), прафесар (1989).
Навуковыя працы ў галіне кормавытворчасці. Распрацаваў навукова абгрунтаваныя тэхналогіі вырошчвання кукурузы ў Беларусі (аптымізацыя срокаў і гушчыні пасеву, сістэмы прымянення ўгнаенняў, апрацоўкі глебы, аховы ад пустазелля, тэрміны ўборкі), навуковыя прынцыпы фарміравання і тэхналогіі вырошчвання 2-3-укосных высокапрадуктыўных аграфітацэнозаў аднагадовых траў. Прапанаваны занальныя сістэмы і тэхналогіі вырошчвання прамежкавых пасеваў (азімых, падсяўных, пажніўных). Удасканаліў сістэмы вытворчасці расліннага бялку для жывёлагадоўлі. Вывучаў заканамернасці фарміравання ўраджаю і змены пажыўных уласцівасцей азімага і яравога рапсу, азімай сурэпіцы, гарчыцы белай, рэдзькі маслічнай у залежнасці ад агракліматычных рэсурсаў, сістэмы ўгнаенняў, гушчыні травастояў, апрацоўкі глебы і іншых фактараў.
Аўтар звыш 280 навуковых прац, у т.л. 7 манаграфій, аўтар 16 гібрыдаў кукурузы, раяніраваных у Беларусі, 2 сартоў суданскай травы і сорту рэдзькі маслічнай Ніка.
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1976), медалём.