Георгій Іванавіч Сідарэнка (н. 21.08.1925, Кіеў – 30.09.2014), кардыёлаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996; чл.-кар. з 1974), доктар медыцынскіх навук (1969), прафесар (1970). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1985). Заслужаны вынаходнік БССР (1990). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўныя працы па праблемах кардыялогіі, медыцынскай кібернетыкі і прыборабудавання. Распрацаваў метады індывідуалізацыі лячэбных працэдур, аўтаматызацыі экстранага аналізу кардыялагічнай інфармацыі, аналізу сардэчна-сасудзістай інфармацыі пры дапамозе ўніверсальных вылічальных машын. Стварыў апараты аўтаматызаванай біякіруючай дыягностыкі і тэрапіі сардэчна-сасудзістых захворванняў, удзельнічаў у стварэнні новага пакалення лекавых прэпаратаў сардэчна-судзістага дзеяння.
Аўтар каля 850 навуковых прац, у т.л. 10 манаграфій і 165 вынаходак.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1996 г. за цыкл работ "Стварэнне новых метадаў і апаратуры для дыягностыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў на аснове мікрапрацэсарных і камп'ютарных тэхналогій".
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), Айчыннай вайны I ступені (1985), Айчыны III ступені (2000), медалямі.