Мікалай Мікалаевіч Сірата (02.11.1913, Санкт-Пецярбург - 06.01.2006), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1956), доктар фізіка-матэматычных навук (1951), прафесар (1952). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1968). Заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі (2004). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Даследаванні па фізіцы металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і фізіка-хімічнаму аналізу. Распрацаваў тэорыю фазавых ператварэнняў, тэорыі ўтварэння метастабільных фаз ў адна – і шматкампанентных сістэмах і палімарфізму простых злучэнняў. Даследаваў механізм і кінэтыку крышталізацыі, вывучыў уплыў магнітных і электрычных палёў на кінэтыку крышталізацыі і фазавых пераходаў. Даследаваў хімічную сувязь у цвёрдых целах, размеркаванне электроннай шчыльнасці ў крышталях, двух– і трохкампанентныя сістэмы ферыту, тэрмадынамічныя ўласцівасці вялікай колькасці паўправадніковых злучэнняў. Распрацаваў методыкі і вызначыў фонавыя спектры крышталяў па рассейванні халодных нейтронаў, па дадзеных нейтронаграфічнага аналізу пабудаваў магнітныя і фазавыя дыяграмы. Развіў тэрмадынаміку ўзбуджаных станаў. Выканаў даследаванні многіх практычна важных матэрыялаў (звышправодзячых, звышцвёрдых, магнітных, паўправадніковых) пры ўздзеянні на іх нізкіх і высокіх тэмператур, інтэнсіўных магнітных палёў і звышвысокіх ціскаў, радыяцыйнага апраменьвання. Прапанаваў арыгінальны спосаб атрымання блокаў кубічнага нітрыду бору.
Аўтар больш за 700 навуковых прац, у т.л. 2 манаграфій, 60 вынаходстваў.
Прэмія Савета Міністраў СССР (1950).
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967, 1973), медалямі.