Мікалай Іванавіч Смяян (03.01.1932, в. Бабічы, Рэчыцкага р-на, Гомельскай вобл. – 12.10.2007), вучоны ў галіне аграглебазнаўства. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003; чл.-кар. з 1989), акадэмік Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь( 1992-2002), доктар сельскагаспадарчых навук( 1981), прафесар (1990). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2000).
Навуковыя даследаванні ў галіне глебазнаўства, распрацоўкі глебава-экалагічных асноў адаптыўных сістэм земляробства ў сельскай гаспадарцы, рацыянальнага выкарыстання глебавых рэсурсаў. Распрацаваў класіфікацыю глеб, тэарэтычныя асновы і практычныя прыёмы павышэння іх прадукцыйнай здольнасці, склаў глебавую карту Беларусі ў маштабе 1: 600 000, выканаў глебава-геаграфічнае раянаванне, распрацаваў методыку якаснай ацэнкі глеб, па якой на тэрыторыі Беларусі двойчы праведзены баніціровачныя работы і кадастравая ацэнка ворных глеб, устанавіў ступень прыдатнасці глеб пад асноўныя сельскагаспадарчыя культуры, прапанаваў метадычныя падыходы аптымізацыі структуры пасяўных плошчаў і севазваротаў, правёў шырокія даследаванні па глебава-экалагічнаму раянаванню. Тэарэтычныя распрацоўкі з'яўляюцца навуковай асновай прыродаахоўных тэхналогій у сельскай гаспадарцы і знаходзяць шырокае практычнае прымяненне пры ўсталяванні спецыялізацыі і канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, стварэнні аптымальнай структуры пасеваў і севазваротаў, павышэння ўрадлівасці глеб, аховы іх ад разбурэння.
Аўтар больш за 400 навуковых прац, у т. л. 8 манаграфій.
Дзяржаўная прэмія БССР 1976 г. за цыкл работ па вывучэнні глеб Беларусі, апублікаваных у 1968 – 1974 гг. Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2007 г.
Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1971), медалямі.