Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч (н. 11.08.1938, г. Бранск, Расія - 01.01.2021), вучоны ў галіне нейрахірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009; чл.-кар. з 2004), доктар медыцынскіх навук (1981), прафесар (1993). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1998).
Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці – хірургія сасудзістай паталогіі галаўнога мозгу, нейраанкалогія, хірургія кампрэсійных форм астэахандрозу пазваночніка, рэканструктыўная хірургія пашкоджанняў плечавога спляцення. Распрацаваў і ўкараніў мікрахірургічную тэхналогію татальнага выдалення неўрынам пераддзвернаўліткавага нерва і рад новых методык лячэння неўралагічных расстройстваў, звязаных з гэтым захворваннем. Аўтар методыкі комплекснага хірургічнага аднаўлення функцыі верхняй канечнасці пры пашкоджаннях плечавога спляцення, якая не мае аналагаў у сусветнай практыцы і ўключае ў сябе цэлы рад новых рэканструктыўных хірургічных умяшанняў. Распрацоўвае праблемы лячэння гліяльных пухлін галаўнога мозга, што дазволіла амаль удвая павялічыць працягласць жыцця гэтай катэгорыі хворых. Праводзіць комплекснае даследаванне па праблеме дыягностыкі і хірургічнага лячэння сасудзістых парокаў развіцця вертэбрабазілярнай сістэмы (артэрыяльных анеўрызмаў, артэрыя-венозных мальфармацый). Распрацаваў і ўкараніў у практыку шэраг арыгінальных методык, якія маюць прыярытэтнае значэнне ў лячэнні нейраанкалагічных хворых.
Аўтар звыш 400 навуковых прац, у т.л. 5 манаграфій, 25 вынаходстваў і патэнтаў.
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1994 г. за цыкл прац "Патагенез, клініка і дыягностыка неўралагічных праяўленняў астэахандрозу пазваночніка".
Ганаровы грамадзянін Пухавіцкага раёна (2011).