Аляксандр Васільевіч Сцепаненка (05.10.1938, г. Орша, Віцебскай вобл. – 15.02.2005), вучоны ў галіне металаапрацоўкі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986; чл.-кар. з 1980), доктар тэхнічных навук (1974), прафесар (1977). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1988).
Працы па новым спосабам апрацоўкі матэрыялаў. Распрацаваў асноўныя тэарэтычныя палажэнні, спосабы і абсталяванне для пракаткі, валачэння і гідрапрэсавання металаў з прымяненнем ультрагукавых ваганняў, бесперапыннага фармавання металічных парашкоў і гранул, спосабы апрацоўкі металаў ціскам з выкарыстаннем актыўных сіл трэння і вібрацыйнага нагружэння, атрымання вырабаў пераменнага сячэння, высакахуткаснага валачэння профіляў і іншых метала- і рэсурсазберагальных працэсаў апрацоўкі металаў.
Аўтар звыш 600 навуковых прац, у т.л. 10 манаграфій, 400 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1984 г. за распрацоўку навуковых асноў выкарыстання магутнага ультрагуку ў тэхналагічных працэсах апрацоўкі матэрыялаў.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), медалём.